ФРЫ́ДРЫХ II (Friedrich; 26.12.1194, Іесі каля г. Анкона, Італія — 13.12.1250),

кароль Сіцылійскага каралеўства (з 1197), герм. кароль (з 1212), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (з 1220), кароль Іерусалімскага каралеўства [1229—39]. З дынастыі Штаўфенаў. Сын Генрыха VI (гл. Генрых, герм. правіцелі), унук Фрыдрыха I Барбаросы. Пасля смерці бацькі (1197) і маці (Канстанцыі Сіцылійскай, 1198) яго апекуном быў рым. папа Інакенцій III. Правёў б.ч. свайго жыцця ў Італіі, у т. л. ў Сіцылійскім каралеўстве, дзе фарсіраваў цэнтралізацыю дзярж. улады. У 1212 выбраны герм. каралём у процівагу Атону IV. У 1220 каранаваны як імператар, даў прывілеі духоўным князям у Германіі. У 1224 заснаваў ун-т у г. Неапаль (Італія). Узначальваў 6-ы крыжовы паход (1228—29), у час якога стаў каралём Іерусаліма (1229). Сапернічаў з Ламбардскай лігай і рым. папамі Грыгорыем IX і Інакенціем IV. Аўтар трактата «Аб майстэрстве паляваць на птушак» (1224).

т. 16, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)